Кніга змяшчае ўнікальны ілюстрацыйны матэрыял амаль з 30 (!) бібліятэк, архіваў і музеяў Літвы, Беларусі, Чэхіі, Аўстрыі, Германіі, Даніі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Расіі і Францыі. І ўсё ж галоўная перавага кнігі заключаецца ў яе змесце. Як выданне, разлічанае на шырокае кола чытачоў, яно не пазбаўлена паўтораў вядомых фактаў, якія тычацца біяграфіі, дзейнасці і творчасці Францыска Скарыны. Але ад іншых падобных выданняў гэтую кнігу адрознівае вялікі аб’ём новых кантэкстаў, тэм, фактаў і прафесійных меркаванняў, якія маюць высокую ступень верагоднасці. Прывядзём толькі некаторыя з іх. Пражскія выданні Скарыны значна пераўзыходзяць чэшскія выданні таго часу. Вырашальны ўплыў на Скарыну ў пытанні ўсходнеславянскай адаптацыі Бібліі маглі аказаць бенедыктынцы, а менавіта манастыр «Na Slovanech» у Празе (у ім праводзілі літургію на славянскай мове, мелася вялікая бібліятэка, дзе захоўваліся помнікі славянскай пісьменнасці). Выказана меркаванне аб лакалізацыі месца, дзе ў Празе Скарына друкаваў свае кнігі. На падставе новых звестак абгрунтоўваецца меркаванне, што менавіта Скарына заклаў Каралеўскі сад у Празе. Прыводзяцца невядомыя да гэтага звесткі аб коле кантактаў Скарыны ў чэшскай сталіцы, яго дзецях – Францыску (загінуў падчас пажару ў Празе ў 1541 г.) і Сімяоне.
Новымі па тэматыцы з’яўляюцца раздзелы, прысвечаныя памяці пра Скарыну ў Беларусі, Літве і Чэхіі ў XX-XXI ст.
Кніга паслужыць своеасаблівым каталогам да выставы, прысвечанай 500-годдзю выхаду ў свет першай кнігі «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны. Выстава адкрыецца ў Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук у красавіку гэтага года. Плануецца, што дадзеная выстава будзе экспанавацца таксама і ў Полацку 24–25 мая падчас правядзення там Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі сумесна з іншымі суарганізатарамі Беркаўскіх чытанняў.
У рамках прэзентацыі выдання пройдзе адкрыццё кніжнай выстаўкі «Спадчына Францыска Скарыны: погляд праз 500 гадоў». На выставе прадстаўлены факсімільныя кнігі Францыска Скарыны, арыгінальныя выданні яго паслядоўнікаў, а таксама дасягненні айчыннага скарыназнаўства апошняга стагоддзя. Экспазіцыя ўтрымлівае легендарны зборнік «400-лецьце беларускага друку», выдадзены Інстытутам беларускай культуры ў 1926 годзе, арыгінал «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага і ўнікальную брашуру «Мова выданняў Францішка Скарыны» Язэпа Воўка-Левановіча здарчым надпісам іншаму мовазнаўцу Канстанціну Пушкарэвічу. Змяшчаюцца матэрыялы і сёлетніх юбілейных выданняў. Асобны стэнд прысвечаны пачатку кірылічнага кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе. Жамчужыны выставы – віленскія кірылічныя выданні XVI стагоддзя з друкарскага дома Мамонічаў. Акрамя таго, на выставе экспануюцца іншыя работы аўтараў, якія прэзентуюць выданне.
На мерапрыемства запрошаны навукоўцы, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, калегі з вядучых беларускіх музеяў і бібліятэк.
Уваход вольны.
Месца правядзення: ЦНБ НАН Беларусі, Мінск, вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр.
Дата і час: 28 сакавіка, пачатак у 12:00.
Кантактная інфармацыя:
- + 375 17 284 14 28 Аляксандр Груша
- + 375 17 284 10 12 Аляксандр Сцефановіч